Аўстралійскі мастак стварае незвычайнае графіці на сцяне мінскага шматпавярховіка

Натхненне ад мiстара Балона

«Ой, а што гэта вы тут малюеце?» — цікавіцца мінчанка, пакуль Фінтан Мэгі ў пад'ёмніку вызначае контуры мурала на сцяне дванаццаціпавярховага жылога дома. Вядомы мастак-аўстраліец прыехаў да нас падчас  стрыт-арт пленэру Urban Myths. Яго работы — на будынках Берліна, Кіева, Масквы і іншых гарадоў свету. Цяпер жа творчасць вулічнага мастака ўпрыгожыць і дом на вулiцы Ляшчынскага, 5. 

Фінтан МЭГІ

Мастацтва і спрэчкі

Стрыт-арт пленэр Urban Myths у нашай краіне праводзіцца з 2015 года. Сутнасць яго ў тым, каб запрашаць вядомых замежных мастакоў для стварэння арт-аб'ектаў, распавядае арганізатар праекта Алег Ларычаў:

— Мы разумелі, што складана патрабаваць эскіз у чалавека загадзя, калі ён з нашага ліста ўпершыню даведаўся пра існаванне Беларусі. Таму быў прапанаваны фармат стрыт-арт пленэру. У класічным значэнні пленэр — гэта выезд мастака на прыроду і стварэнне карцін пад уражаннем ад убачанага. У нас жа аб'ектам натхнення і зыходным пунктам для стварэння арт-аб'ектаў становяцца гарадская прастора і сацыяльна-культурны кантэкст.

Мастакі прыязджаюць у Мінск, не маючы эскізаў і не ўяўляючы загадзя сцяну, на якой iм прыйдзецца ствараць. Пасля сустрэч з мясцовымі і экскурсій па наваколлі госці вызначаюцца з тэмай арт-аб'екта. Такія графіці ўпрыгожылі ўжо не адзін горад нашай краіны — Алегу Ларычаву складана нават назваць колькасць малюнкаў. Праблемы ўзнікаюць нячаста, але ўсё ж бываюць. Як і любое мастацтва, вулічнае — выклікае спрэчкі. У канцы ліпеня, напрыклад, улады Кастрычніцкага раёна Мінска прынялі рашэнне зафарбаваць, напэўна, самы вядомы мурал горада — працу грэчаскага мастака Іна «Чалавек без твару». Прычынай сталі скаргі мясцовых жыхароў — тыя палічылі малюнак занадта дэпрэсіўным.
Мастак разлічвае скончыць сваю працу да 14 жніўня

Бюджэт праекта — 3500 долараў

Арганізаваць прыезд такога мастака — справа няпростая і затратная. Запрашаюць замежнікаў папрацаваць на валанцёрскіх пачатках: аўтары графіці не атрымліваюць ганарар, але ім аплачваюць пералёт, пражыванне, харчаванне, матэрыялы для малюнка, экскурсіі, пералічвае Алег:

— Прыблізная сума — 3500 долараў. Самае дарагое звычайна — гэта арэнда пад'ёмніка. За суткі можна аддаць 120—170 долараў. Дзе мы бяром грошы? Аб'яўляем збор сродкаў, знаходзяцца зацікаўленыя мецэнаты, спонсары.

Запрашэнні атрымліваюць толькі самыя «топавыя» вулічныя мастакі. Так, нашага сённяшняга госця — вядомага аўстралійца Фінтана Мэгі — Алег Ларычаў угаворваў прыехаць з 2015 года. Персанаж цікавы, сумненняў няма: у свае стрыт-арт малюнкі Фінтан заўсёды ўкладвае глыбокі сэнс, прымушае гледача задумацца. Дарэчы, нядаўна ўведзены 30-дзённы бязвізавы рэжым збольшага паўплываў на станоўчы адказ мастака ў гэтым годзе.

Зазірнём у будучыню

Што ж, пазнаёмімся з Фінтанам. Зараз 10 гадзін раніцы, і ён толькі-толькі прыехаў на Ляшчынскага. Лаўлю момант, пакуль мастак яшчэ на зямлі. Калі забярэцца ў пад'ёмнік — можа адтуль не вылазіць на працягу 9 гадзін. 33-гадовы Фінтан Мэгі, інстаграм-старонка якога налічвае больш за 100 тысяч падпісчыкаў, стварае ўражанне простага і адкрытага хлопца. У Мінску ён ужо тыдзень:

— Я паспеў ужо з горадам і вашай культурай трошкі пазнаёміцца. Напрыклад, упершыню ў жыцці наведаў хакейны матч — гэта было крута! У Аўстраліі гэты від спорту непапулярны. Таксама пагуляў па Верхнім горадзе, наведаў мастацкі музей. Усё спадабалася! Алег даўно мяне запрашаў, але расклад не дазваляў прыехаць, хоць і заўсёды хацелася. Быў побач: у Расіі, Украіне. Яшчэ, разумееце, гэты праект — валанцёрскі. Я люблю такім займацца, але, напрыклад, за графіці ў ЗША я атрымліваю ганарар. Таму і выйшла, што да Мінска дабраўся толькі цяпер. 30-дзённы бязвізавы рэжым увялі — усё склалася ідэальна.

Звычайна работы Фінтана закранаюць экалагічныя або сацыяльныя тэмы. Гэтая — не выключэнне. Прашу мастака ў двух словах растлумачыць: які сэнс ён укладвае ў свой новы арт-аб'ект.

— Тут намаляваны беларус, які глядзіць у будучыню. Мне здаецца, што ваша краіна зараз мяняецца: становіцца больш адкрытай, тэхналагічнай. Інавацыі, IT — важная частка жыцця сучаснага беларуса. Дарэчы, персанаж, якога я малюю, — хлапчук з Мінска, — тлумачыць Фінтан. — Люблю маляваць мясцовых людзей. Таксама я натхніўся працамі вашых мастакоў, мураламі савецкага перыяду. Гэта графіці — пра будучыню, тэхналогіі, маладых людзей, калі сцісла расказаць.

Абмеркаванне арт-аб'екта з уладамі горада Фінтан называе карысным і хуткім: сустрэча адбылася ў чацвер, а ў суботу мастак ужо атрымаў неабходны дазвол. Пра сітуацыю з зафарбаваным муралам «Чалавек без твару» аўстраліец чуў:

— Я лічу, што не ўсюды павінны быць намаляваныя кветачкі, вясёлка і толькі пазітыў. Гэта ж мастацтва. Але сам стаўлюся да такіх рэчаў спакойна: разумею, што малюю на вуліцы, дзе ў любы момант можа нешта памяняцца. Працы зафарбоўваюць, яны псуюцца з-за надвор'я, часам перад графіці вырастае новы будынак, які засланяе малюнак. Не ўспрымаю такія сітуацыі блізка да сэрца.

Фінтан разлічвае скончыць мінскі мурал за 10 дзён. Пасля ж адправіцца ўпрыгожваць сваёй творчасцю шматпавярховікі Францыі.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter